|
Образ белорусской хаты в белорусской культурепрыклада гераічнага і самаахвярнага служэння сваёй айчыне апісвае подзвіг Юдзіф. Ён лічыў, што “Кніга Юдзіф” дана “к нашему научению, абыхом, яко зерцало, жену сию преславную пред очима имеющее, в добрых делех и в любви отчины не толико жены, но и мужи наследовали и всякого тружания и скарбов для посполитого доброго и для отчины своея не лютовали”[25;59]. Сваю любоў да Радзімы Францыск Скарына імкнуўся прывіць народу. Так гаворачы пра гераічны ўчынак Юдзіфі, Скарына робіць шырокія абагульненні: “Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; рыбы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым падобныя боронять ульев своих, – тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають”[25;59]. Цяжка пераацаніць значэнне гэтых слоў любві і замілаванасці да роднага краю. Этыка Скарыны, такім чынам, выхоўвала ў чалавеку грамадзяніна і патрыёта, фарміравала якасці, неабходныя для актыўнай грамадска-практычнай дзейнасці на карысць свайго народа. Па скарынаўскіх прадмовах багата рассыпаны розныя выслоў’і і афарызмы, глыбокадумныя выказванні першадрукара, якія сталі крылатымі. Гэта і яго патрыятычнае, па-народнаму простае і мудрае слова пра “вялікую ласку”, г.зн. любоў чалавека да роднага краю ў прадмове да той жа кнігі “Юдзіф”[21;35]. Увогуле аповесць пра Юдзіф, якая выратавала свой горад ад ворагаў, ён рэкамендуе трымаць перад сабою, як узор патрыятызму, самаахвярнасці і бескарыслівага служэння грамадскаму дабру. У гэтай прадмове Скарына звяртаецца да чытача з узнеслым публіцыстычным словам пра любоў да Радзімы як самае натуральнае і першаснае пачуцце ўсіх жывых істот, а тым больш надзеленага розумам чалавека[24;72]. Пазней палітычны мысліцель і правазнаўца Беларусі і Літвы сярэдзіны XVII стагоддзя Аарон (Адам) Аляксандр Алізароўскі разгледзіў ланцуг “дом – грамадства – дзяржава” у сваёй галоўнай працы “Аб палітычнай супольнасці людзей” (1651). Увогуле паняцце “дом” Алізароўскі разглядае як сацыяльны канструкт, змест якога складаюць зносіны, звязаныя з узнікненнем і функцыянаваннем сям’і, а таксама зносіны паміж гаспадаром і яго подданымі. У такім значэнні гэтае паняцце даволі часта выкарыстоўвалася ў антычнай літаратуры. Блізкім да яго па значэнню з’яўляецца тэрмін “двор”. Паводле класіфікацыі Алізароўскага, існуюць боскае, натуральнае і права народу[15;169-171]. Пры гэтым боскае і натуральнае права знаходзяцца не ў падпарадкаванні другога першаму, а выступаюць як самастойныя віды і дапаўняюць адзін аднаго. Алізароўскі аналізаваў пераважна натуральнае права, якое прырода закладвае ў чалавеку як сацыяльнай і біялагічнай істоце. У сацыяльным аспекце прынцыпы натуральнага права выяўляюцца праз развіццё і ўдасканаленне сацыяльнай арганізацыі жыцця людзей: сям’я, фальварак, паселішча, грамадства, дзяржава. Алізароўскі распрацаваў гуманістычную канцэпцыю Новага часу – грамадскага дагавору, паводле якога прызначэнне і мэты дзяржавы звязваюцца з агульнаграмадзянскай карысцю, ўзаемазацікаўленнасцю людзей у стварэнні палітычных саюзаў-супольнасцей. Перадумовы гэтага складваюцца ў рэгуляванні адносін у сям’і, двары (сукупнасці некалькіх сем’яў) або панскім фальварку, паселішчы, дзе ў рознай ступені фарміруюцца інстытуты ўлады: бацькоў над дзецьмі, пана над падданымі і інш. Дзяржаву Алізароўскі вызначае “як створаны з мноства паселішчаў саюз і аб’яднанне людзей якія звязаны правам, што і ўвайшлі ў згоду ў імя добрага і шчаслівага жыцця”. Дзяржава – гэта працілеглае дому і сям’е. Але ж безумоўна ідзе адтуль. Апошнія таксама з’яўляюцца нейкімі супольнасцямі, аднак створаныя не з паселішчаў, як дзяржава, а з пэўных асоб, а дакладней: з гаспадара і нявольніка, мужа і жонкі, бацькоў і дзяцей, якія жывуць разам ці асобна. Існуе таксама прыватная ўласнасць, яна мае назву маёмасць і служыць таму, каб сям’я і ўсе яе члены жылі разам, разам працавалі на карысць неабходных жыццёвых патрэб. У такой супольнасці галавой сям’і мае быць той, хто з’яўляецца старэйшым і пануе над астатнімі. Яго кіраўніцтва ў сям’і жонкай як супруга, бацькаўскае – дзецьмі, гаспадарчае – працаўнікамі мае назву домаўладкаванне. Такім чынам, з такога рода сем’яў, з мноства дамоў ствараюцца вёскі, а мноства вёсак зліваецца ў супольнасць грамадзян, якую мы называем дзяржавай. Яе праблемы ён цесна звязвае з пытаннямі грамадзянства. Паводле тагачаснай палітычнай ідэалогіі сапраўднымі грамадзянамі была толькі шляхта, арганізаваная ў замкнёнае каставае кола. Алізароўскі лічыў, што грамадзянамі дзяржавы з’яўляюцца ўсе жыхары, акрамя рабоў і іншаземцаў. Пры гэтым адзначаў, што ў грамадстве існуюць вышэйшыя і ніжэйшыя саслоўі, але для кожнага павінен існаваць свабодны пераход з аднаго саслоўя ў другое, і грамадзяне ўсіх саслоўяў роўныя перад законам[18;131-139]. Ігнараванне прынцыпаў грамадскага дагавору, паводле Алізароўскага, вядзе да гібелі дзяржавы. Разбуральнымі фактарамі з’яўляюцца дзеянні людзей, якія парушаюць чалавечыя сувязі, дрэннае кіраванне, адсутнасць законнасці і справялівасці, няроўнасць, эгаізм пануючых саслоўяў, несправядлівае выкарыстанне права, асабліка ў судах. Ён прытрымліваўся думкі, што дасканаласць дзяржавы залежыць ад найбольш рацыянальна выбранай формы кіравання. Сімпантыі Алізароўскага былі на баку спадчыннай манархіі, і ў той жа час ён быў праціўнікам тыраніі. На яго думку, у выключных выпадках у народа павінна існаваць права на паўстанне і забойства тырана[15;616]. У працы Алізароўскага ідэя “дзяржавы-дома” – узор працэсу фалькларызацыі. Праца бярэ свае вытокі з традыцыйнай народнай культуры прасякнутай ідэяй роднасці. Ва ўсіх відах беларускага фальклору паэтызуецца гаспадар, які па сутнасці з’яўляецца культурным героем беларускай традыцыйнай культуры і перш за ўсё земляробчага цыкла. 3.2. ВОБРАЗ ДОМУ Ў БEЛАРУСКІМ ВЫЯЎЛЕНЧЫМ МАСТАЦТВЕ 19 СТАГОДДЗЯ. Цяжка знайсці дзе-нібудзь канкрэтнай тэматыкі “вобраз дома ў мастацтве”. Але не складана заўважыць вобраз беларускай хаты, нацыянальных беларускіх будынкаў у бытавым жанры і пейзажы беларускіх мастакоў. Узяўшы не такое далёкае 19 стагоддзе, знойдзеш шмат знаёмых імён мастакоў, у творчаці якіх прысутнічае вобраз іх Радзімы – хаты, дома, млына... У творах перадаюцца рысы беларускіх будынкаў таго часу. Заўважаецца частая аднолькавасць назваў твораў. Найчасцей сустракаюцца такія назвы як “На радзіме”, “Млын”, “Жніво”. Напэўна менавіта вобраз дому асацыіруецца з Радзімай, з нечым родным, сваім. Здаецца, што мастак, стварыўшы твор, нават не задумваецца над назвай, яна ўзнікае як бы сама сабою, арганічна. Млын – гэта тыповы беларускі будынак таго часу. Гэта не жыллё, але назваць млын у некаторым сэнсе домом безумоўна магчыма. Гэта зараз млын з’яўляецца музейным экспанатам, а яшчэ стагоддзе назад ён быў апорай жыцця сялян, іх надзеяй і хлебам. Млын можна назваць другім домам селяніна, дзе ён праводзіў часта большую частку дня і жыцця ўвогулле. Там снедалі і адпачывалі, весяліліся і сумавалі, але галоўнае – працавалі. Млын таксама карціна Радзімы ва ўяўленнях многіх беларусаў. Сярод скарбаў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве захоўваецца сціплы пейзаж, на якім намалявана ўскраіна беларускай вёскі. Праз невялічкую ручаінку, што струменіць уздоўж драўлянага плота, перакінуты масток. Віецца ўдаль пясчаная дарога. На гарызонце відаць саламяныя стрэхі ўбогіх сялянскіх хатак. Вакол цішыня і запусценне... Вячэрнія цені ляжаць на свеях пяску. І гэтая закінутасць, гэты холад бязмежны, гэтая нязнанасць шляху балюча ўваходзіць у чалавечае сэрца[9;64]. Такі пейзаж не мог напісаць выпадковы сузіральнік. Бачна, што аўтар добра ведаў гэтыя мясціны, што ён правёў сярод гэтай прыроды ўсё сваё жыццё. Жывапісца, пэндзлю якога належыць пейзаж “На радзіме”, быў акадэмік Апалінарый Гілярыевіч Гараўскі. Гэты твор быў створаны ў вёсцы Брадзец Мінскай губерні. Тут знайшлі ўвасабленне думкі і пачуцці мастака, яго роздум аб лёсе сваёй радзімы. У гэтай карціне – усё блізкае і дарагое сэрцу мастака. Кожная дэталь напісана з вялікай цеплынёй і любоўю і гэтая любоў міжвольна перадаецца гледачу. З выкрывальнай праўдай Гараўскі адкрывае перад намі запусценне беларускай вёскі. І хаця ў карціне сялян няма, глядач добра адчувае іх беднасць і разарэнне[9;70]. Безумоўна вобраз дома надае карціне пэўны сэнс, дапамагае гледачу ўбачыць тое, што хацеў падкрэсліць мастак. Дом надае творам, прысвечаным Радзіме поўнасць і пэўную закончанасць. Вікенцій Дмахоўскі – “Клод Ларэн віленскіх аколіц”, як называлі яго сучаснікі[9;50]. Такое сказалі пра беларускага пейзажыста не выпадкова. Пейзажы ягоныя родніць з пейзажамі французкага жывапісца XVII стагоддзя той асаблівы, крыху ідылічны дух, тая цікавасць да небагатага, звычайнага, што дазваляе знаходзіць у штодзённым эмацыянальны настрой, паэзію і веліч. З ранніх работ Дмахоўскага цікавы пейзаж “На радзіме”. Патрыярхальны лад жыцця дробнай беларускай шляхты перададзены тут ярка і пераканаўча. Мастак адступіў ад традыцыйных акадэмічных канонаў, якія былі яшчэ моцныя ў жывапісе пачатку XIX стагоддзя. Ужо ў самім выбары сюжэта бачна прывязаннасць і любоў да родных мясцін. Прасторны фальваркавы двор – з тых, зарослых гусінай траўкаю і дробнымі пахучымі рамонкамі. Пад наглядам нянек гуляюць на ім панскія дзеці. Пасвяцца куры і снежна бялеюць на гладзі рачулкі гусі. На беразе сушацца сеці, сплываюцца кроплі з перакатаў, тырчыць драўляная ручка таптухі. Удалечыні, у карэтніку, расчынены дзверы. Праз іх відаць аглоблі брычкі. У цяні – звычайны сялянскі воз. А яшчэ крыху далей аднапавярховы драўляны прыземісты будынак фальварка над насунутым высокім дахам[9;54]. Такая характэрная, такая тыпова беларуская будыніна. А перад ёю ліпы і свечы пірамідальных таполяў, што ўскінуліся ў гарачае неба, і такі кашлаты, і такі мяккі мрэе за домам сад. І ўсё выпісана з вялікай любоўю. Карціна шматбаковая, але галоўная роля належыць дому. Ён з’яўляецца цэнтрам карціны і на яго скіравана галоўная ўвага, гэта ўвасабленне думак мастака. Таксама прыцягвае ўвагу твор Фердынанда Рушчыца “Млын”. Тут мастак глядзіць на прыроду, якую яму трэба ўславіць з вышыні птушынага палёту. Такі прыём дазваляе намаляваць на палатке ўсё зямное, а неба паказаць светлым адбіткам у вадзе, люстрам у зялёнай раме. Архітэктура млына і навакольныя рэчы пададзены ў непрывычным для гледача ракурсе. І будынак млына надзвычай тыповы для беларускага пейзажу – прыземісты, нізкі, над насупленай саламянай страхой. Усё ў ізумрудна-зялёных і чырванаватых танах[9;103]. Тут мастак услаўляе прыроду, а млын дапамагае гледачу ўбачыць беларускую прыроду вачамі простага чалавека, працоўніка-селяніна. Вобраз беларускага будынка, дома дае мастакам магчымасць выразіць сваю думку, надаць карціне той сэнс, які жадаюць данесці да гледача. А мы праз гэты вобраз лягчэй і вельмі абвострана адчуваем пачуцці аўтараў. 3.3. ДОМ-ХАТА Ў ТВОРАХ В. БЯЛЫНІЦКАГА-БІРУЛІ Хата – бясспрэчная аддзінка чалавечага існавання, і як бы ні была прывабна прастора, але ж матэрыяльныя патрэбы прымушаюць чалавека мець свой кут. І гэты “кут” так прывязвае да сябе найперш таму, што ён “свой”, што гэта пачуцце нават можна назваць “любоўю” і страта гэтай “любові” прыводзіць нават да вар’ятства. І ніколі нельга забываць, што наш вялікі, адвечны кут – гэта нашы палі, лясы, азёры... Яны заўжды будуць з намі і будуць грэць наша сэрца пры думках аб Радзіме. І калі маеш свой уласны погляд на прыроду, калі разумееш яе, то заўжды будзеш адчуваць сябе дома. Мастацтва творцы Вітольда Бялыніцкага-Бірулі пераконвае ў значэнні такога прытулку ў жыцці чалавека. У яго творах даволі часта з’яўляецца вобраз хаты і ён успрымаецца як адзінае з прыродай. Мастак пісаў Радзіму, а Радзіма – гэта прырода твайго краю, дом. А можа, менавіта вобраз хаты і ўдакладняў уяўленні пра каштоўнасць Радзімы. “Я – беларус. Нарадзіўся ў маёнтку Крынкі каля Бялыніч на Магілёўшчыне. ...Маё жыццё з маленства пастаянна звязана з прыродай. У ёй для мяне быў сэнс жыцця” [19;32-33]. Хата ў творах мастака – гэта частка інтэр’еру прыроды, прыроды яго Радзімы. “Вясна”, “Пачатак вясны”, “Вечар”, “Зімовы дзень” – вобраз хаты тут само сабой зразумелы, ён проста неабходны. Там недзе ўдалечыні некалькі хатак ці хата займае цэнтральнае месца, напрыклад у творы “Вясна” і ўдакладняе адлюстраванне пэўнай пары года. Гэта тое ж самае дрэва, бярвенні, што прыстасаваны для ўладкавання чалавечага жыцця ў прыродзе. Нават Ілля Рэпін у перапісцы з беларускім мастаком кажа: “Я заўжды з новым вялікім задавальненнем гляджу на ваш узгорак з хатамі, занесенымі снегам; люблю гэтыя беражкі, што белымі краямі адлюстроўваюцца ў горнай рэчцы”. І сапраўды, вельмі дакладны радкі І. Рэпіна: “Я так прывык асвяжацца душой перад вашымі жывымі павевамі праўды, прастаты і свабоды” [19;32-33]. Вось на гарызонце відаць хаткі, а да іх “шырокім пэндзлем прыкладзена дарога, што бяжыць па беларускіх узгорках да цудоўнага куточка – Вёска” [3;13]. Калі сцежка, то заўсёды дакладная – вядзе да хаты – хатак, царквы, млыну. На сваіх палотнах мастак стварыў светлы, чысты, нібы жамчужны, каларыт, часам ахінуты тонкім вэлюмам серабрыстых беларускіх туманаў. Праз свае работы ён імкнуўся адлюстраваць саму душу беларускага народа, такую чыстую, непасрэдную, поўную блакітнай надзеі, часам туманную, але заўсёды лагодную і цёплую. Прыгажуня-прырода... У карціне “Блакітная капліца” яна спіць пад мяккай коўдрай белага снегу. Як ложак захінае тонкая зімовая смуга, каб ніхто не змог патрывожыць салодкага сну. Усё наваколле прасякнута цішынёю, і нават ветрык прынік за ўзгоркам, каб не перашкаджаць чароўнаму спатканню яе, прыроды, з Мастаком[19;32-33]. І зноў вясновыя хаткі – шэранькія, бервяныя, утульныя. Белыя дахі дамоў удалечыні, блакітная капліца – вось што стварае інтэр’ер зімовага дня, дакладней перадае настрой твора. Яны таксама адпачываюць пад коўдрай снегу, як і сама прырода. У карціне “Быстрая рэчка” прырода ўзбуджана, быццам неўзабаве ўстрапянулася і рашуча рыхтуецца да вялікай змены. І зноў невялікія хаткі з’яўляюцца часткай прыроднага інтэр’еру. Будыніны не кідаюцца ў вочы як нешта недарэчнае ў пейзажы. Яны надаюць твору цэласнасць і абуджаюцца разам з прыродай. Лірычнасць краявідаў Бялыніцкага-Бірулі адносіць гледача ў свае далячыні, яна дапамагае кожнаму чалавеку прычыніцца да гэтай мастаковай любові, на нейкі няўлоўны момант растварыцца ў гэтым вонкава някідкім цудзе, што завецца Бацькаўшчына[19;32-33]. Лёс заносіць мастака далёка ад родных мясцінаў, але тое, што ён спасціг яшчэ ў дзяцінстве, засталося з ім назаўжды. Бялыніцкі-Біруля літаральна “сфармуляваў” беларускі пейзаж, нібыта перастварыў яго менавіта ў нейкім нацыянальным асвятленні. Мы самі і нашы нашчадкі, мабыць, доўга будуць сустракаць у старых кнігах мясціны, дзе апісваюцца як нешта натуральнае і ўвогуле звычайнае малюнкі беларускай прыроды, якой мы ўжо не ведалі: “Памятаю Быстрэю вельмі прыгожай. Наш бераг быў вельмі круты, з пясчанымі плывунамі, зараслямі ажын, малін, шыпшыны, а процілеглы – адхоны. Дом стаяў вялізны, аднапавярховы, перад ім раслі векавыя ліпы. Супраць дома – сад, каменныя слупы брамы. На слупках заўсёды жылі буслы. Вакол дома – сажалкі, у якіх вадзілася шмат рыбы і ракаў...” [23;16]. Гэта фрагмент з запісак жывапісца. Чытаеш і перад вачыма ўстае “Быстрая рэчка”. У малюнках роднай прыроды мастак шукаў не толькі выразныя знакі багацця і шматстайнасці свету, але і глыбокі сэнс зямнога існавання. Менавіта прысутнасць касмічных стыхій заўсёды адчуваецца ў карцінах Бялыніцкага-Бірулі. Сёння можна сказаць і гэтак: адчуваецца прысутнасць Бога, Першатворцы ўсяго на свеце. Бо што лепш за ўсё даказвае існаванне вышэйшага сэнсу ў свеце, як не сам неаглядны, эпічна ўсёахопны, шматстайны вобраз Сусвету?! Творчасць мастака, на карцінах якога мы знаходзім водбліск ранішняга святла, зары чалавецтва, і ёсць галоўны паэтычны аргумент на карысць змястоўнасці чалавечага быцця[23;16]. Бялыніцкі-Біруля здолеў дасягнуць у творчасці недасяжнага, спалучыць на сваіх карцінах зямлю і неба, матэрыяльнае і духоўнае, зямное, плоцевае і высокае, нябеснае і здабыць гармонію. Вобраз дома, хаты ў творах мастака – гэта не нешта асобнае. Гэта свет у Сусвеце. Можа, таму да хаты і прывязаны быў так селянін, і такой балючай была страта гэтага “свету” – часткі Сусвету. IV. СІМВОЛІКА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ КУЛЬТУРНАЙ ПРАСТОРЫ XX СТАГОДДЗЯ. 4.1. РОЛЯ ХАТЫ Ў ПАЭТЫЧНЫХ ТВОРАХ КУПАЛЫ Янка Купала... Невыпадкова я вырашыла затрымацца на творчасці гэтага майстра беларускай літаратуры. Лёс ягонай сям’і даволі выразны, тыповы прыклад лёсу ўсіх беларусаў. Сям’я дзеда Янкі Купалы была сагнана з роднага гнязда ў Пясках. Ануфрый Дамінікавіч на працягу пятнаццаці гадоў пісаў прашэнні, каб адстаяць сваё права на роднае гняздо і дваранства, але справядлівасці не дабіўся[26;22]. Янка Купала не любіў азірацца далёка на сваю радаслоўную. Але неаднойчы ў творчасці звяртаўся да незайздроснага лёсу свайго дзеда, што “цягаўся па судах”, і, нічога не дамогшыся, вымушаны быў “кінуць тую хату, скуль бацькоў на магілкі вывезлі, тое поле, дзе кожную скібінку потам крывавым скрапілі” [13;213]. Сімвалічны вобраз хаты сустракаецца і ў драматычных творах, і ў паэзіі. Цікава, што нават у любоўнай лірыцы гэты вобраз прысутнічае. Янка Купала – гэта пісьменнік народа. І ўсе яго творы для народа. А хто такі беларускі народ? Гэта вясковае сялянства, жыццё якога – гэта жыццё вёскі, гаспадарка. Турботы, клопаты – уладкаванне свайго кута, прытулка сваёй сям’і. Усё гэта ўзаемазвязана, усё вельмі блізка Купалу і яго творчасці. Я пабудавала сваеасаблівы ланцуг: Беларусь – вёска – хата – мужык – элементы творчасці Купалы. Чалавек з народа, які нарадзіўся ў простай сям’і, арганічна жыве ў гэтым і таксама падае іх такім жа, як ён. Звяртаючыся да творчасці пісьменніка, захацелася пачаць са светлага, узнёслага твора. “Яна і я” – паэма любоўнай лірыкі, дзе сама назва гаворыць за сябе. Багатая на алегорыі творчасць Купалы вельмі выразна ў гэтым творы. Услаўляючы Яе, безымянную жанчыну, народжанае ў працы каханне, паэт славіць жыццё чалавека ў асноўных праявах яго вясковага побыту. Хоць героі паэмы “прыўзняты” над канкрэтным асяроддзем, з якога паходзяць, па спосабу жыцця, характару, звычаях, яны – сяляне. Не маюць яны раскошаў, залішняга дастатку: у хаце, дзе жывуць Ён і Яна, “не выбіты атласам сцены, лавы”; “над печкай, што стаіць каля парога, не працавалі мудры разьбяры”[16;106]. Хата, інтэр’ер – гэта характар сям’і і таму гэты вобраз з’яўляецца неабходным, каб раскрыць вобразы герояў твора, зрабіць іх зразумелымі чытачу. Гэтыя радкі дакладна паказваюць на прастату герояў твора, а таксама на веданне аўтарам інтэр’еру беларускага жытла. І менавіта такі раздзел як “У хаце” і набліжае паэта да народу, робіць яго творчасць блізкай і зразумелай. Хата – гэта селянін, і, закрануўшы гэты вобраз, аўтар выказвае павагу гэтаму селяніну, усяму сялянству. Уводзячы вобраз хаты праз яе апісанне, паэт яшчэ раз падкрэслівае, што ён піша пра народ, што ён сам з народа. Такая ж гармонія “Яе і яго” можа быць і сярод чытачоў. А можа Купала проста нагадвае, што кожны мае ўсё тое, каб быць шчаслівым. Раздзел “У хаце” другі ў паэме, што невыпадкова ў творы, дзе апісваецца жыццё тыповага селяніна. Герой паэмы падкрэслівае, што ягоная хата зроблена ягонымі рукамі: Палац мой, бачыш, хоць і не багаты, Але я сам яго ўзбудаваў, Сам сцены вывеў, клаў на кроквы латы І сам пад стрых саломай пакрываў. [12;211] Тут хата – частка самаго гаспадара. І герой паэмы гаворыць пра свой дом паважліва і годна, нават з любоўю. Вось ложак зроблены маёй рукою, З смалістай сосны дошкі высланы ў ім... [12;211] Нават пра такія інтымныя рэчы інтэр’еру нагадвае аўтар, падкрэсліваючы свае веды пра матэрыял, з якога выраблена тая ці іншая рэч у хаце. Дом у паэме “Яна і я” пададзены як сімвал яднання лёсаў двух закаханых, і ўнутраны камфорт хаты грае не апошнюю ролю ў жыцці сям’і. Уводзячы маладую гаспадыню ў сваю хату, Ён паказвае Ёй перш наперш самога сябе. Хата – твар гаспадара. Гаспадар, будуючы хату, свой уласны дом, укладае самога сябе, сваю індывідуальнасць. Гэта магчымасць выявіць сябе. Ад свету, ад Бога Жадаю нямнога: Зямелькі з валез, К ёй шкур неўдалёку, З святлічкай хацінку... [16;59] Якія жаданні мужыка? Па-першае, зямельку, на якой можна пабудаваць “хацінку”. Такое памяншэнне “хацінка” выклікана, здаецца, не толькі асаблівасцю рыфмоўкі, а больш асаблівым стаўленнем да гэтай будыніны аўтара. “Хацінка” – гэта як нешта роднае, утульнае, сваё... Купала быў не за калектывізм, а за індывідуальнага ўласніка. Такую пазіцыю яму падказваў вопыт беларускага сялянства. Чалавек страчвае здольнасці да самастойнага дзеяння, губляе сваю індывідуальную непаўторнасць, ператвараецца ў функцыю. Больш рэалістычны вобраз хаты пададзены Купалам у вершы “Хатка”. Тут вобраз хаткі абагульнены. Бядняцкая хатка – гэта ўся шматлікая радзіма, прытулак усіх прыгнечаных. У паэзіі Купалы хата проціпастаўлена ў сацыяльным і духоўным плане магнацкім палацам. Нягледзячы на свой занядбаны знешні выгляд, яна заўсёды бліжэй паэту, бо менавіта ў такіх пахілых старых хатках пад саламянымі стрэхамі жывуць простыя людзі [27;634]. Сялянская хатка – як бы частка існавання самога селяніна, яго добрай, справядлівай і спагадлівай душы. Паэт упэўнены ў неўмінучай перамозе дабра над злом: Бедная, хатка, ты Але вечная, І палацы ўсе Перастоіш ты [27;634] Купала звяртаецца да “хаткі” як да жывой істоты, веруючы ў яе моц. Вобраз хаткі мнагамерны, зліваецца з вобразам Радзімы, народа, дабра, справядлівасці. Тут спалучаюцца рэалістычныя і рамантычныя сродкі ўвасаблення. Бядняцкая хатка апісваецца дэталёва і рэалістычна: Пахінулася, У зямлю ўехала. Ці: На страсе тваёй Мох пакошаны. Але, разам з тым, сустракаюцца такія рамантычна-фальклорныя прыёмы адухаўлення: А як дзікія Ветры ўсходзяцца Ці: Цьмой-лучынкамі Вокны жаляцца [27;634] На першы погляд кідаецца пэўная змрочнасць, але ўсё ж такі агульны настрой, здаецца, аптымістычны. Увогуле, у творчасці Купалы гучыць вера ў будучае роднага краю. І, можа, такі вобраз хаты – гэта вобраз тагачаснай Беларусі. Але ж “і палацы ўсе перастоіш ты”. Алегорыя Беларусь – хата даволі актуальна ў творчасці Янкі Купалы і праходзіць праз яго паэзію як заклік: Развейся, туман, расплывіцеся, хмары, Над хатай пахілай маёй! [12;35] І няхай “хата пахілая”, але ж яна “мая”. Радкі гэтыя дыхаюць жыццём, абуджаным духам, сапраўдным жаданнем нешта рабіць, змяняць. 4.2. СІМВАЛІЧНАСЦЬ ДОМА-ХАТЫ Ў ДРАМЕ КУПАЛЫ “РАСКІДАНАЕ ГНЯЗДО” Але ж абагульнены вобраз хаты Янка Купала прадэманстраваў у п’есе “Раскіданае гняздо”. Максім Гарэцкі назву самой п’есы разглядаў як “сімвал раскіданай Беларусі з часоў пярэдадняй сусветнай вайны і сацыяльнай рэвалюцыі” [6;338]. Такую ролю адыгрывала хата ў драме. У той жа час хата як сімвал сямейнага яднання: няма хаты, разбурылася – разляцеліся ўсе, як птушкі з таго гнязда. І насуперак гэтаму, “гняздо” – як нейкі “камень”, які цягне “на дно”. Селянін прывязаны да таго, што мае, няхай у “старой хаткі сцены дрыжаць”[12;90], але ж гэтае “пахілае”, “крывое”, “вузенькое” – сваё. Своеасаблівая папярэдніца “Раскіданага гнязда”, - паэма “За што?”, напісаная ў 1908 годзе. Сярод тых зерняў, з якіх узнікла задума паэмы “За што?”, а затым і драмы “Раскіданае гняздо”, была і даўняя радавая крыўда Луцэвічаў на паноў Радзівілаў, якія сагналі сям’ю арандатараў-чыншавікоў з апрацаванай імі зямлі. Дзед Ануфрый Дамінікавіч доўга судзіўся з панам за роднае гняздо, што адабрала ў яго шмат сіл і здароў’я і скараціла век; унук жа, Янка Купала, на пачатку XX стагоддзя вынес сямейную крыўду “на свет цэлы”, асэнсаваўшы яе як трагедыю эпахальную, агульнанародную, за якой стаяла ўсё тое ж пытанне – быць ці не быць беларускай нацыі [8;94-95]. “Раскіданае гняздо” адлюстроўвала цярністы шлях беларускага сялянства ў пошуках страчанай бацькаўшчыны і лепшай долі. Тут катастрофа захапіла не толькі “чалавечыя” персанажы, але і сімвалічныя вобразы, якія жылі ўжо ў ранейшых купалаўскіх творах. Хата – вобраз – сімвал, знаёмы нам з “Адвечнай песні”, “Паўлінкі”, “Прымакоў”. У “Раскіданым гнязде” яна выступае не толькі як чалавечае жытло, але як “храм”, дзе моліцца зямлі язычнік Зяблік, таксама як частка Сусвету ды зямная мадэль апошняга. Зрэшткі, хата была спрадвеку для чалавека, які ў архітэктуры свайго жытла ўвасабляў уласнае прасторавачасавае ўспрыняцце светапабудовы. “Будуючы жытло, храм, горад, чалавек з дапамогай лагічных структураў тварыў мадэль Сусвету” – сцвярджае этнограф А. Нароўская [17;44]. “Беларускі народ данёс да сярэдзіны ХІХ стагоддзя лагічную ідэаграму, закладзеную ў аснову будаўніцтва дома. Яна ўяўляе з сябе ідэальны квадрат, бакі якога не павінны перавышаць дзевяць крокаў з пакладзенымі ў цэнтр 4 камянямі” [17;44]. Адносіны Зябліка да хаты, што будаваў яшчэ з бацькам-нябожчыкам, гэтаксама як і да зямлі, нагадваюць нейкі культ. Руйнаванне старой хаты ў ягоных вачах – глабальная сусветная катастрофа, фактычна – руйнаванне самога Сусвету, на руінах якога яму не будзе месца [5;124]: “Лявон... (як памешаны) Дзе я? Што я? Цёмна, страшна кругом? Чуваць трэск над хатай, сыпецца пясок. Во, во! З неба пясок сыпецца, а можа, гэта Зоркі нашы валяюцца, што павядуць нас па свеце з кіем жабрачым?” [13;215] Чалавек не бачыць будучыні. Няма хаты – няма сэнсу, няма жыцця. У вобразе Лявона Купала перадаў трагедыю тыповага селяніна. Яго недасведчанасць не дала магчымасці знайсці яму іншае выйсце, акрамя смерці. Чалавек вар’яцее, бо хата для яго як дзіцё, якое ён нарадзіў, песціў і раптам – усё, нічога няма, усё разбураецца на вачах. Самы вялікі боль – страціць тое, што сам гадаваў, тое, чый лёс ты рабіў, сваімі рукамі: “Не! Не! Гэта не зоркі, а жывы пясок, што я на хату цягаў на сваіх плячах... О, мой пясочак... залаты пясочак. Я цябе цягаў на вышкі, угару, а ты мяне ўнізе, на векі вечныя засыпаеш. Сыпся! Буйным градам сыпся!” [13;215-216] Кожны герой гэтай драмы мае свае індывідуальныя адносіны да гэтай трагедыі – страты хаты. Аўтар не мае намер данесці чытачу нейкі адзіны пэўны позірк. Але трагедыйнасць драмы падаецца праз вобраз Лявона Зябліка і праз яго стаўленне да страты хаты. Канешне, ён клапоціцца пра будучы лёс сям’і, якая апынулася на вуліцы, але не менш, а можа, і больш, душа яго баліць па ягоным “дзіцяці”. Выгналі з хаты, выгналі людзі, Выгналі косці жывыя; Сівер со снегам рынуўся ў грудзі, Рынуўся зверам на шыю [5;120] Вельмі дакладныя радкі да сітуацыі, да душэўнага стану Лявона. Але ж гэтая катастрофа – разбурванне чалавечага сусвету – сапраўды трагічная, яна нашмат глыбей, чым драма бясхатняга селяніна з верша “Згнаннік”. Чаму, аналізуючы “Раскіданае гняздо”, а дакладней, вобраз хаты у п’есе, найбольшая ўвага гэтай страты надаецца трагедыйнаму вобразу Зябліка? Бо гэта любоў да зямлі ягонай, да бацькавага дома, гэта тая прывязанасць, страта якой – усё роўна як смерць. Для яго гэта як страта нечага жывога, што дыхае і мае розум. Зяблік адметны тым, што сам адчувае не толькі сваю знітаваннасць з зямлёй, але і адчужанасць ад яе, ён моліцца зямной сіле, але й упінае яе за свае нягоды. У размове Лявона з сямейнікамі гэтая антанімія выяўляецца досыць выразна: “Лявон... Кожны каменчык на полі і кожны кусцік на сенажаці змалку ўжо знаў, як сваіх пяць пальцаў на руцэ... На гэтых гонейках пасціў скацінку... араў, сеяў, касіў. А тут!.. Суд – вон выганяюць! Кінуць тую хату, скуль бацьку і матку на магілкі вывез, кінуць тое поле, дзе кожную скібіну потам крывавым скрапіў. Эх, эх! І я гэта маю дарма ўступіць, адрачыся?! Чалавек з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэва: ссячы дрэўца – засохне, адбяры ў чалавека зямлю – згіне” [13;213]. Гэта як прыгавор Зябліка самому сабе. Нейкая абмежаванасць не дае магчымасці думаць шырэй за гэтую філасофію, селяніну-вяскоўцу зразумелую. Пачуццё знітаванасці з зямлёй ды пакланенне ёй у Лявона часам удае гэткім безразважным, што можа нагадваць паганскае пакланенне фетышу, і, натуральна, калі фетыш “падманвае”, гэтае пачуццё абарочваецца нянавісцю. “Зямля здрадзіла” – прыходзіць да высновы герой [5;123]. “Лявон (глуха). Чым я вінен? Чым я вінен? Што любіў гэту зямлю, гэту родную нашу!..” [13;213] Лявон Зяблік не можа пагадзіцца душой з тым, што перастае жыць і працаваць на тым кавалку зямлі, які адышоў яму ў спадчыну. Паказваючы драму сям’і Зяблікаў, пісьменнік выходзіць далёка за межы яе, бо ў лёсе адной сям’і бачыць усю старую Беларусь, якую кожны багаты і дужы мог рабаваць, паліць, руйнаваць, выганяць яе народ з адвечнага гнязда[26;127]. Купала паказвае глыбока сацыяльны канфлікт, зачынам якога, грунтам з’яўляецца тая хата, разбураванне якой разбурыла і лёсы герояў. 4.3. “...ЯК Я Ў ХАТУ ЎВАЙДУ, МЯНЕ ШТОСЬЦІ ГНЯЦЕ” Любоў да свайго кута, да сваёй хаты, прывязаннасць да той мясціны, дзе нарадзіўся, да Бацькаўшчыны. І, канешне, усё навакольнае асяроддзе, родныя пейзажы – усё гэта той жа дом, які цягне да сябе і ўстае перад вачыма як твая Радзіма. Вобраз хаты не можа ўспрымацца асобна, проста як будыніна – яна як частка пейзажу, як “ложак” у вялікай хаце Сусвету. Дом – гэта той неабходны прытулак, і ён заўжды будзе родным, але ж ніколі рука чалавека не ўзбагаціць яго так, як узбагаціла рука Першатворцы наш край. ...Як я ў хату ўвайду, мяне штосьці гняце Бледны сум падыходзіць – прыносіць нуду У запляснелым кутку цень касцісты цвіце, - Мяне штосьці гняце, як я ў хатку ўвайду[12;129] “У вузенькай хатцы” няма дзе развярнуцца, не прыносіць утульнасць і “хата крывая”, “там, у хацінке, там, у пахілай”, няма спакою і задавальнення. Гэта сваё, але ж гэта не тое, што заслугоўвае чалавек. Можна прыняць гэта і дзень за днём цягнуць такі цяжар, не бачыць нічога навокал. Тут вобраз хаты супрацьпастаўлены полю: “Як я полем іду, гнецца колас ка мне...”. Вось дзе ён селянін-гаспадар, і ўжо не яго штосьці гняце, а да яго гнуцца, яму служаць. Гэтыя радкі прымушаюць задумацца, шырэй зірнуць на свет і ўбачыць моц чалавека. Не трэба абмяжоўваць жыццё сваім уласным кутом, а бачыць свой дом – Айчызну больш магутнай і ўладкоўваць яе як сваю маленькую хатку. Чалавек адчувае сябе прыніжаным, калі застаецца сам-насам са сваёй беднай хацінкай, са сваім гаротным лёсам. Але варта вырвацца на волю, на прыроду, дзе людзі, дзе грамада, як зноў ён у добрым настроі[26;101]. Верш “Як я полем іду” скіраваны на тое, каб задумацца над тым, што чалавек адчувае сябе чалавекам, калі ён не пазбаўлены грамадскіх сувязей, калі ён актыўна дзеючая асоба. Тут таксама зродненасць чалавека з навакольным светам. Чалавеку добра, калі ён адчувае сваю еднасць з прыродай: калі ён полем ідзе, і лугам, і лесам. Тады і колас гнецца, адбіваючы яму паклоны, і траўка сцелецца ля ног, і думкі зважна снуюцца. Ён, чалавек, - цар прыроды, повен пашаны, павагі, славы дагэтуль, пакуль не пераступіць свой родны парог... [26;101] І, канешне, тое, што старая хата Зяблікаў была разбурана, мае сімвалічны характар. Драматург заклікае народ і інтэлігенцыю да змагання за вяртанне спадчыннага права на сваю зямлю і хату. Заклік да тых, хто здольны прыняць яго. Гэта як штуршок, які не пакідае альтэрнатывы: змагацца ці пайсці з торбай па свеце. Моцны прымае першае. ЗАКЛЮЧЭННЕ У агульным выніку трэба яшчэ раз узгадаць, што вобраз дома ўвасобіў у сабе як міфічны і сакральны, так зямны і рэальны змест. У архаічнай свядомасці кожнае жытло надавала свету прасторавы сэнс, аддзяляла чалавека ад космаса. У доме як бы суіснавалі чалавек і Сусвет, унутранае і вонкавае, таму станавіліся магчымымі перакадзіроўкі паміж часткамі чалавечага цела, элементамі космасу і дэталямі хаты. “Дом можа быць “разгорнуты” ў Сусвет і “згорнуты” ў чалавека”[1;15]. Сам сусвет асэнсоўваўся на пэўным этапе як велізарны дом з належнымі яму атрыбутамі: цэнтрам, які часцей уяўляўся ў выглядзе Сусветнага дрэва, неба-столлю і г.д. Семантычны комплекс дома акумуляваў у сабе такія істотныя ідэалагічныя канстанты, як сацыяльнасць, сакральнасць унутраннай прасторы, паказ грамадскай арганізацыі, сям’і, тэхналагічны код, псіхатэрапеўтычную функцыю ды інш[4;17]. Вобраз дому ў беларускай культуры мае не толькі ролю пэўнай архітэктурнай пабудовы, жытла, а разглядаецца значна шырэй. Цяпер, на пачатку ХХІ стагоддзя многае змянілася ў жыцці беларускага народа. Змянілася і сялянская хата, яе абсталяванне. Адыйшлі ў мінулае многія са згаданых старажытных абрадаў, што адбываліся ў хаце. Сёння хата ўжо не ўспрымаецца паменшанай мадэллю сусвету. Гэта хутчэй тое, што знакаміты архітэктар мінулага стагоддзя Ле Карбюзье назваў “машынай для жытла”. Але не варта абмінаць традыцый мудрасці прашчураў. Не, не да твару нашаму дому быць толькі “машынай” для жылля[14;15]. Але калі прашчуры мелі сваю філасофію жылля, што адлюстравалася ў розных абрадах, звычаях, павер’ях, то і ў нас мусіць скласціся свая філасофія жылля, якая б увабрала ў сябе ўсё лепшае з мінулага і поруч з тым засведчыла сённяшні светапогляд. Як глыбока можна пайсці, як шмат новага знайсці для сябе... Зайздроснае становішча выкладчыка дазваляе яму даносіць вучням вобраз хаты- дома ў тым накірунку, які бліжэй яму самому ці больш зразумелы вучням. Ёсць магчымысць спалучыць літаратурныя творы і мастацкія – разам яны ствараюць цэласнасць дадзенага вобраза. У гэтай працы я закранула творцаў пачатку ХХ стагоддзя – сучаснікаў істотных гістарычных падзей у нашай краіне. І, канешне, вобраз хаты-дома нясе адбітак гэтых падзей і ў іх творах. Гэта яшчэ больш пашырае сімвалічную ролю хаты ў мастацтве. Нельга рабіць дакладныя межы: як трэба і як рабіць. Ёсць нейкі грунт, якога трэба прытрымлівацца, ёсць стрыжань ведаў, вакол якога будуюцца, нараджаюцца свае думкі і разважанні. Усё залежыць ад тэмы ўрока і мэты, якую ставіць выкладчык. На мой погляд, спалучэнне літаратуры і жывапісу дае больш глыбокі аналіз вобразу дома ў беларускай культуры, натхняе кожнага на свае асабістыя разважанні. Той жа альбом Бялыніцкага-Бірулі – даволі даступны сродак, у той час, калі не заўсёды ёсць магчымасць дэманстрацыі слайдаў ці фільмаў. На першы погляд, тэма “Вобраз хаты ў беларускай мастацкай культуры” здаецца аднабаковай. Што новага, цікавага можна дадаць? Але сувязь літаратуры і мастацтва могуць зрабіць разгляд такой тэмы даволі дынамічным, дапамагаюць спасцігнуць не толькі вобраз хаты як асобнай будыніны, а больш шырока зірнуць на гэты вобраз. Бо наш дом не трэба абмяжоўваць чатырма сценамі, а неабходна заўжды ўсведамляць, што сапраўдны вялікі дом – гэта і ўсё тое, што па-за межамі драўляных сцен. Наш дах – блакітнае неба, падлога – зямля, сцены – усе дрэвы вакол. І ўсяму жыццё дае паветра, якое ўдыхае наш Першатворца. Патрыятычная накіраванасць падкрэлівае выхаваўчы патэнцыял тэмы. Разнабаковасць трактоўкі вобразу дае магчымасць дакладна яго данесці. Кожная глава працы мела на мэце супрацьставіць ідэю “роднасці” імперскай казарменай ідэалогіі. Ёсць магчымасць прасачыць за тым, што творцы і мысліцелі Беларусі выкарыстоўваюць адзінуюпершакрыніцу – беларускую традыцыйную культуру. Адбываецца працэс фалькларызацыі культуры, які актыўна распачаў у эпоху Рэнесансу Францыск Скарына, а за тым падхапіў беларускі ідэолаг Аарон Алізароўскі. Комплекс “роднасці“ паказан у розных варыянтах. Была зроблена спроба прасачыць працэс ад матэрыяльнага да духоўнага, які ажыцяўляўся са станаўленнем пачуцця “роднасці”. І жыллё –як узор матэрыяльнай культуры; і інтэр’ер жылля, яго ўнутраны змест – як нешта роднае, утульнае, асабістае. Усё гэта знайшло сваё ўвасабленне ў вуснай народнай творчасці. “Плясаць ад печчы” – рабіць нешта спачатку, звярнуцца да першакрыніцы. Па гэтых радках відаць як нашы продкі шанавалі культ печчы, лічылі, што яна дае жыццё ўсёй хаце. Выяўленчае мастацтва, на прыкладзе твораў мастакоў ХІХ стагоддзя, надало магчымасць убачыць “родны кут” іх вачыма. Складаны час, туга па Радзіме, і, канешне, любоў – усё гэта знайшло сваё месца ў іх творах. Творчасць Купалы мае вялікае значэнне ў раскрыцці сутнасці тэмы. Таму радкі Якуба Коласа, якія сталі песней, здаецца будут вельмі дакладнымі: Мой родны кут, Як ты мне мілы, Забыць цябе не маю сілы... СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ 1. Байбурин А.К. Жилище в обрядах и представлениях восточных славян. – Ленинград, 1983. 2. Беларускае народнае жыллё. – Мінск, 1989. 3. В. Бялыніцкі- Біруля. Альбом-каталаг. “Беларусь”, Мн., 1974. 4. Валодзіна Т. Семантыка рэчаў у духоўнай спадчыне беларусаў. – Мінск, “Тэхналогія”, 1999. 5. Васючэнка Пятро. Драматычная спадчына Я. Купалы. “Навука і тэхніка”, Мн., 1994. 6. М. Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры, Мн., 1986. 7. Гісторыя беларускага мастацтва. Трэці том. – Мінск, “Навука і тэхніка”, 1989. 8. Гніламёдаў Ул.. Я. Купала. Новы погляд. “Народная асвета”, Мн., 1995. 9. Дробаў Л.М. Мастакі ХІХ стагоддзя. – Мінск, “Беларусь”, 1971. 10. Загадкі. – Мінск, “Навука і тэхніка”, Мінск, 1972. 11. Крук Я. Сімволіка беларускай народнай культуры. – Мінск, “Ураджай”, 2001. 12. Купала Янка. Адвечная песня. Вершы і паэмы. “Мастацкая літаратура”, Мн., 2001 13. Купала Янка. Поўны збор твораў. Том 7, драмтычныя паэмы, п’есы. “Мастацкая літаратура”, Мн., 2001. 14. Ленсу Я. Хата – мой сусвет. //Мастацтва. – 1995. – №4. – с. 14- 15. Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. – Мінск, “Беларуская энцыклапедыя”, 1993. 16. Навуменка І.Я.. Янка Купала. Духоўны воблік героя. “Вышэйшая школа”, Мн., 1967. 17. Наровская А.Н. Жилище в космогонических представлениях белорусов // Славяне. Адзінства і шматстайнасць: Міжнародная канферэнцыя 24-27 мая 1996, Мн., 1990. 18. Памятники философской мысли Беларуси XVII – первой половины XVIII веков. – Минск, “Навука і тэхніка”, 1991. 19. Пешына Т. Я хадзіў па роднай беларускай зямлі. Я быў шчаслівы//Беларусь, 1997, №8, с. 32-33. 20. Прыказкі і прымаўкі. – Мінск, “Навука і тэхніка”, 1976. 21. Скарына і яго эпоха. – Мінск, “Навука і тэхніка”, 1990. 22. Скарыніч. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1993. 23. Тычына М. Адыходная мелодыя//Беларусь, 1992, №9, с. 16. 24. Франциск Скорина. Белорусский гуманист, просветитель, первопечатник. – Минск, “Вышэйшая школа“, 1989. 25. Францыск Скарына. Прадмовы і пасляслоўі. – Мінск, “Навука і тэхніка”, 1962. 26. Юрэвіч Ул. Я. Купала. Нарыс жыцця і творчасці. “Народная асвета”, Мн., 1983. 27. Янка Купала. Энцыклапедычны даведнік. “Беларуская савецкая энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі”, Мн., 1986. Страницы: 1, 2 |
|
|||||||||||||||||||||||||||||
|
Рефераты бесплатно, реферат бесплатно, сочинения, курсовые работы, реферат, доклады, рефераты, рефераты скачать, рефераты на тему, курсовые, дипломы, научные работы и многое другое. |
||
При использовании материалов - ссылка на сайт обязательна. |